Галоўная старонка

Для содержимого этой страницы требуется более новая версия Adobe Flash Player.

Получить проигрыватель Adobe Flash Player

СВЕТ ПРОДКАЎ

Галоўная

Народны каляндар

Літаратура

Кантакты

 

МІФЫ БЕЛАРУСІ

Адкуль з'явілася жыта Міфы
Адкуль пайшлі ваўкалакі
Адкуль пайшлі дрэвы
Асілкі
Бай і яго сыны
Бусел
Волаты
Вырай

 

 

Адкуль з'явілася жыта

Жыта — самае старшае збожжа, бо з яго мы маем хлеб, а хлеб — бацька, хлебам жывуць людзі.
Калі Бог стварыў чалавека, дык доўгі час хлеба не было: людзі елі рознае карэнне. Больш за ўсіх галадалі сабакі. Таму яны, узняўшы свае морды ўверх, страшна завылі, просячы ў Бога хлеба. Бог пачуў іх просьбу і кінуў ім з неба адзін жытні колас. Але сабак было многа, дык адзін колас не мог накарміць іх усіх. Сабакі пачалі адбіраць колас адзін у аднаго, рваць яго ў розныя бакі. Разарвалі той колас сабакі на шматкі; зерне рассыпалася, і яны затапталі яго лапамі ў зямлю.
На другі год ад аднаго коласа пайшоў такі багаты ўраджай, што людзі намалацілі цэлую бочку жыта. I з таго часу сталі разводзіць хлеб т.а ўсё пачалося з сабак.
Напачатку ўсе хлебныя расліны — жыта, ячмень, пшаніца мелі колас у даўжыню ўсяго сцябла, ад макушкі да зямлі, і такі цяжкі, што некалькі каласоў толькі і мог падняць чалавек адной рукой.
Выйшлі неяк жанчыны жаць ды сталі наракаць на Бога, што ён даў жыта з такімі каласамі, цяжкімі і нязручнымі.
Бог, пачуўшы такія нараканні, вырашыў атрэсці ўсе каласы і пакінуць адны сцябліны. У той час, калі ён гэта рабіў, у полі знаходзіўся сабака. Зразумеўшы, што калі Бог атрасе ўвесь колас, то хлеба зусім не будзе, ён жаласна завыў, просячы Бога пакінуць хоць нейкую частку коласа на іх сабачую долю. Бог пачуў гэта і злітаваўся, ачысціў не ўвесь колас, пакінуў зерне на версе сцябла столькі, як ён і цяпер расце. Таму людзі ядуць не сваю долю хлеба, а сабачую.
Калі жнуць беларусы жыта, у канцы поля, на мяжы, пакідаюць невялічкае недажатае месца звярам. Бо калі не было На Гэтым Свеце жыта, то звяры пачалі прасіць Бога чаго есці, а Бог ім кінуў жытні колас. 3 таго і з'явіўся хлеб.

Наверх

Адкуль пайшлі ваўкалакі

Некалі даўно жыў адзін хлопец па імені Ваўкалак, любіў дзяўчыну ды не захацеў яе ўзяць, а ўзяў другую. Перад шлюбам пайшоў ён кланяцца бацькам маладой, ды зайшоў да сваёй першай палюбоўніцы ў хату. Маці яе і кажа яму:
— Вот бачыш, якая добрая твая маладая, нават і на шыю нічога табе не дала. На, вазьмі хоць гэту хустачку і завяжы, каб шыя не была голая,— і падала яму беленькую хустачку.
Малады нічога не зразумеў, узяў ды завязаў яе сабе на шыю. Выйшаў ён з хаты, аглядваецца — ажно і рукі, і ногі яго абрастаюць воўчаю поўсцю, толькі на шыі, дзе была хустачка, засталася белая лапінка. Далей стаў ён глядзець, дык і зусім увесь аброс, а замест рук і ног парабіліся ў яго воўчыя лапы. Страшна стала яму ў сяле. Стаў ён на чатыры лапы і пабег у лес і доўга жыў там з ваўкамі. 3 таго часу і стала магчымым перавярнуць чалавека ў Ваўкалака.

Наверх

Адкуль пайшлі дрэвы

Аднаго разу пайшлі бацька з маці і з дачкою ў поле на работу. Бацькі працуюць, а дачка ленавалася, усё пастойвала. Дык маці пачала яе клясці і кажа: «Каб ты стала асінаю! Чаго ты стаіш?» А то была такая гадзіна, калі праклён спраўджваецца. Дачка спалохалася і стала асінаю, а на ёй лісткі трэсліся, як трэслася са страху цела, калі маці яе кляла.
Ад такога няшчасця маці сумелася і стаіць, рукі заламаўшы, ды плача. А бацька раззлаваўся ды з гора кажа: «Ах, каб ты сама стала бярозаю! Што ты найлепшага зрабіла?» I маці ў той жа момант стала бярозаю, апусціўшы галлё так, як былі ў яе рукі апушчаны і заломлены. 3 таго развяліся на нашай зямлі бярозы і асіны.
Нахіленыя над вадой вербы — гэта праклятыя Богам тыя мацеры, што страцілі сваіх дзяцей.
На Купалле адначасова з Папараццю ў поўнач цвіце арэхавае дрэва. Калі арэхавую кветку адарваць і ісці туды, куды яна будзе нахіляцца, то можна знайсці скарб.
Божае дрэўка, таксама як і Папараць, цвіце раз на год, у Купальскую ноч. Хто гэтую кветку здабудзе, усё будзе мець, чаго толькі яго душа пажадае. Аднак гэтую кветку пільнуюць Нядобрыя Духі, і трэба быць надзвычай смелым, каб дачакацца паўночы і сарваць кветку шчасця.

Наверх

Асілкі

Даўно-даўно, калі яшчэ людзі жылі па лясах дрымучых, прыйшлі на нашу зямлю асілкі і пачалі сяліцца па берагах рэк. У лясах вадзіліся звяры ўсялякія: мядзведзі, ваўкі, ласі, кабаны, лісіцы, рысі, а па рэках і азёрах жылі выдры. Рыбы ў водах было такое мноства, хоць кашолкай чэрпай.
Асілкі былі людзі здаровыя, ростам цэлы сажань, у плячах аршыны з два. Голас мелі магутны. Бывала, калі крыкне на увесь голас ды свісне, дык якое б дрэва ні было вялікае, а зваліцца. I жонкі іхнія былі у пару ім: рослыя, дужыя і раджалі кожны раз па двое, па трое дзяцей.
Гаспадарку асілкі ніколі не трымалі. Не было ў іх ніякай худобы, ні скацінкі дамашняй, ні прыпасу, ні запасу. Hi хлеба, ні лёну не сеялі. Карміліся яны тым, што лавілі па лясах звяроў ды па рэках рыбу. Адзежу сабе яны шылі са звярыных скур. Вось так і жылі.
Спадабалася асілкам наша зямля, бо тут ім усяго досыць было. Звяр'я па лясах было не злічыць. Рыбы ў рэках таксама, а ім больш нічога і не трэба было.
Задумалі яны тут пасяліцца і пачалі будаваць гарадзішчы.
Інструменту ў іх амаль ніякага не было, толькі на ўсіх адна сякера, ды і тая не жалезная, а якаясь медзяная. Не маючы досыць інструменту, асілкі перакідвалі сякеру з гарадзішча на гарадзішча, бо не хацелі траціць часу на хаджэнне. Зыкне асілак з аднаго гарадзішча ў другое: сякеру давай! На другім гарадзішчы нехта возьме сякеру ды і кіне яму. Гэта яшчэ нішто — сякеру перакінуць вярсты за тры. Калі была патрэбна на будоўлю драўніна, пойдзе асілак у лес, вырве дрэва з коранем ды так і прыцягне на гарадзішча. Спатрэбіцца камень, дык ён возьме яго ды і кіне за вярсту, а то і больш — прама на гарадзішча.
Ёсць такія мясціны, якія ледзь не засыпаны камянямі. Дзяды казалі, што на гэтых самых мясцінах асілкі ваявалі, кідаючы камяні адзін у аднаго. Яны і звяроў забівалі камянямі, ад таго камяні ляжаць і па лясах. Потым асілкі сышлі адсюль, як толькі перавяліся ў лясах звяры і паменшала рыбы ў вадзе, бо ім не стала з чаго жыць. 3 той пары і гарадзішчы іхнія запусцелі, бо посля іх не скора прыйшлі сюды нашы дзяды.

Наверх

Бай і яго сыны

Па некаторым часе чалавек стаў у Гэтым Свеце заводзіць свае парадкі. Ці шмат часу прайшло, ці мала, але меў ужо чалавек сваю сялібу, меў многа жонак, а яшчэ больш дзяцей. Было ў яго прозвішча — Бай. А як прыйшла пара паміраць, дык ён склікаў сваіх сыноў і падзяліў усю сваю маёмасць. Толькі пра аднаго сына забыўся. Сын у гэты час быў на паляванні і з ім былі любімыя бацькавы сабакі Стаўры і Гаўры. Прозвішча гэтаму сыну было Белаполь. Неўзабаве пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палявання, а браты яму кажуць:
—  Бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць, а табе ён пакінуў сваіх сабак. Ды яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго ў правы бок, а другога — у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэта ўся зямля твая будзе.
Пайшоў Белаполь і злавіў дзвюх птушак, што прыляцелі адна з паўднёвага мора, другая — з заходняга. Пусціў паўднёвую птушку на поўдзень, ды і кажа аднаму сабаку:
—  Бяры!
Пусціў другую на захад і кажа другому сабаку:
—  Хапай!    .   .
Паляцелі тыя птушкі; адна ў адзін бок, другая ў другі. Пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закурылася. Як пабеглі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў друг! бок — Дняпро.
Вось у гэтых абшарах Белаполь і пачаў сяліцца. У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развяліся розныя плямёны пад прозвішчам Беларусы. Яны і да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды жыта сеюць.

Наверх

Бусел

Было гэта вельмі даўно. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. I вырашыў адзін чараўнік знішчыць гадаў, патапіць у якой-небудзь бяздонніцы. Сабраў ён іх у вялізны скураны мех, завязаў, узваліў на плечы аднаму чалавеку і загадаў укінуць у прадонне. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ўсе гады, якія былі ў мяшку, заварушыліся, засіпелі, засвісталі. I ўзяла чалавека цікаўнасць: што ён такое нясе?
Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад жаху. Гады ж тым часам вылезлі і распаўзліся зноў па зямлі.
Раззлаваны чараўнік не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь і, накінуўшы на чалавека парожні мяшок, ператварыў яго ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё жыццё аж да самай смерці.
I ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з накінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтай пары ніяк сабраць не можа. Нават нягледзячы на тое, што чараўнік для дапамогі паслаў яму жонку і дзяцей. 3 прычыны сваей крэўнасці да чалавека гэты пярэварацень не адыходзіць далека ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей.
Тую хату і нават сядзібу, дзе бусел уладкуе свае гняздо, можна лічыць шчаслівай, а Пярун ніколі не ўдарыць нават паблізу гнязда.
Беларусы шануюць бусла як карыснае стварэнне, якое нішчыць жаб, змей і вужоў. Але і баяцца іх. Калі чалавек разбурыць буслянку, яны адпомсцяць. Пралятаючы паблізу вясковых сядзібаў, яны могуць распаліць пажар, кінуўшы на дах стадолы ці хаты запаленую галавешку, або нават уторкнуць яе пад страху.

Наверх

Волаты

Першымі людзьмі на нашай зямлі былі велікалюды — волаты. Гэта такія вялізныя людзі, што цяперашнія нават ім да калена не дасталі б. Найглыбейшыя рэкі ім не вышэй як да калена былі. Галовы ў іх былі, як цэбры. Ідзе волат праз лес, возьме за верх агромністую сасну, вырве з карэннем і папiраецца ёю, як кіем.
Волаты папракопвалі рэкі, панасыпалі горкі ды параскідалі ўсюды па свеце вялізарныя камяні, якія і цяпер трапляюцца дзе-нідзе на полі ці ў лесе. Яны, бывала, набяруць камення, ды пачнуць шыбаць утору так, што яно з вачэй хаваецца. А як пойдуць барукацца ці біцца ды пачнуць рваць дуб'ё, дык аж зямля стогне. Волаты павытоптвалі зямлю, пааралі яе карчамі так, што на тых месцах стаяць азёры і рэкі.
Не было на зямлі нікога, хто б мог з волатамі памерацца сілаю. От яны смела хадзілі сабе ды сваволілі. Ведама, калі хто нікога не баіцца, то ён заўжды пачне дурэць, пачне рабіць ліха. Так і тыя волаты пачалі губіць на зямлі жывёлу і ўсялякую расліну, а ў неба шыбаць каменнем. Хацелі нават з Багамі дужацца.
За тое Бог і пакараў волатаў. У адных адняў розум, так што яны пачалі лбамі разбіваць каменныя горы. Разгоніцца той волат, бы баран, ды як рэзнецца лбом аб камень, дык мазгі і пацякуць, а ён сам зваліцца на зямлю, патрапеча трохі нагамі ды й дух вон.
Частку волатаў, якія пайшлі супраць Багоў, Белбог закляў: «Быць вам дужымі і стаяць вякамі, а плады вашы будуць свінні есці». I ператварыў іх у дубы.
Астатніх абярнуў у малых ды кволых людзей, якія і цяпер жывуць.
Сын апошняга сляпога волата ўбачыў нашага чалавека, які араў зямлю, узяў яго на далонь разам з валамі і сахою, прынёс да бацькі і пытае;
—  Што гэта за чарвяк такі зямлю точыць? А банька яму ў адказ:
—  Наша пакаленне ўжо гіне, а гэта новыя людзі, што пасля нас застануцца.
Загінула пакаленне волатаў, толькі адзін яшчэ доўга валачыўся па свеце, але ён ужо быў сляпы, таму насіў у сябе на карку нашага чалавека, каб той яму дарогу паказваў. Аднаго разу зачапіўся гэты волат за прыгорак і як грымнуў, бы сасна на зямлю, дык і сам разбіўся на кавалкі і чалавек на шкуматы разляцеўся.

Наверх

Вырай

Дзесьці на поўдні Сусвету, за гарамі ды за марамі, непадалёку ад яснага сонца ёсць Вырай — мясціна, куды адлятаюць птушкі і душы памерлых людзей. Але не кожная душа трапляе ў Вырай, а толькі тая, якую Багі неба адзначаць. Там чалавечыя душы працягваюць жыць, не ведаючы пакутаў і гора.
Вырай — краіна вечнага святла і цяпла, цудоўных садоў і жывёл. Пры жыцці Вырай даступны толькі птушкам.
Птушкі з ўсёй зямлі ляцяць у Вырай. I з Беларусі некаторае птаства адлятае туды на зіму. Яно там жыве і расце, пакуль у нас зіма. Таму тая старана і на-зываецца Выраем, што птушкі раяцца толькі там. Птаства жыве ў Выраі толькі зіму, а на лета зноў вяртаецца да нас.
Птушак, як і людзей, Бог дзеліць на добрых і ліхіх. Як душы ліхіх людзей ніколі не трапляюць у Вырай, так і ліхія птушкі сланяюцца па зямлі, забіваюць іншых, ды, нарэшце, самі дзе-небудзь гінуць.
Добрыя ж птушкі жывуць лецечка тут, у нашых гаях, цешаць добрых людзей. Так Белбог загадаў: каб птушкі пелі, шчабяталі ды радавалі сэрцы людзей. Як пачне халадаць, яны ляцяць у Вырай, дзе таксама спяваюць ды цешаць душы людзей. Вялікі грэх забіваць тых птушак, якія восеню адлятаюць у Вырай.

Наверх

 

 

 

Галоўная

Народны каляндар

Літаратура

Кантакты

© Бугай Вераніка Віктараўна
Філалагічны ф-т БДУ