Галоўная старонка

Для содержимого этой страницы требуется более новая версия Adobe Flash Player.

Получить проигрыватель Adobe Flash Player

СВЕТ ПРОДКАЎ

Галоўная

Народны каляндар

Літаратура

Кантакты

 

Духі старажытных беларусаў

Русалкі
Стрыга
Хапун
Хлеўнік
Бялун
Русалка Стрыга Хапун Хлеуник Бялун

Поўны спіс і апісанне можна спампавать тут

Прэзентацыя на тэму "Духі старажытных беларусаў"

 

Русалкі

Русалкі – істоты выключна жаночага полу, вечна юныя красуні з чароўным і абаяльным абліччам. Яны альбо вырадкі людскіх дачок ці дочкі, праклятыя бацькамі яшчэ ў матчыным чэраве, альбо тыя, што памерлі нехрышчонымі, загубленыя сваімі маткамі неўзабаве пасля нараджэння абавязкова ў вадзе, ці ж маладыя тапельніцы, што скончылі жыццё самагубствам. Якімі б рознымі не былі гэтыя ахвяры па ўзросце, стаўшы русалкамі, яны аб'ядноўваюцца, так што кожная з іх уяўляе істоту ў пару найлепшага развіцця дзявоцтва, і толькі вопытнае вока ўлоўлівае між імі розніцу ўзростаў пры жыцці, хрышчоных асоб. Апошняе выдае ледзь бачнае адценне крыжа між грудзей, што можна назіраць на адлегласці дзевяці крокаў ад Русалкі. Русалкі маюць ласкавыя блакітныя вочы, якімі, між іншым, так удала прыманьваюць ахвяру, але, калі русалка зловіць яе, тыя ж вочы застаюцца нібы шкляныя і нерухомыя, як у нябожчыка. Па далікатным, амаль празрыстым іх целе рассыпаюцца хвалістыя валасы русага колеру, якія растуць ад маленькай галавы да каленяў; у асобных русалак гэтыя валасы хутчэй падобныя на пасмачкі зялёнай тонкай асакі.
Вечна вясёлыя, гуллівыя, рагатушкі русалкі не пакідаюць свае вадаёмы і жывуць тут у крышталёвых дамах пад доглядам русальскай царыцы, якую звычайна прыводзіць мясцовы Вадзянік. Звычайна русалкі могуць заставацца без вады столькі часу, колькі патрэбна для асушэння іх цела і валасоў ад макрэчы, пасля чаго яны могуць адразу ж пакутліва загінуць. Русалкі толькі зрэдку на кароткі тэрмін выплываюць на паверхню вады, прысаджваюцца на падводны камень, на бераг, каб заманіць ахвяру ці атрэсці валасы ад вады... Расчэсваючы свае мокрыя валасы, напрыклад, на працягу гадзіны, яна можа вычасаць столькі вады, што яе дастаткова будзе для затаплення цэлай вёскі.
У Русальны тыдзень русалак выпускаюць на сушу на больш працяглыя тэрміны, прычым знікае небяспека загінуць на сушы. Яны смела і весела размяшчаюцца на беразе вадаёмаў, нават адыходзяць у бліжэйшыя гаі, на лугі і палі, залазяць на дрэвы, каб пагушкацца на галінах і вершалінах. Гэтым русалкі асвяжаюць успаміны пра пакінутую зямлю і пра людзей, сярод якіх яны абавязкова стараюцца злавіць ахвяру. Гэта робіцца, між іншым, гэтак: спакушальніцы куляюцца, гуляюць, бегаюць навыперадкі, водзяць карагоды, скачуць, рагочуць, пяюць песні і заманлівымі рухамі клічуць да сабе выпадковага гледача. Калі ён паддасца закліку і падыдзе да русалак ці спыніцца, здранцвелы, яны гуртам абступаюць ахвяру, ціскаюць яе у абдымках, казычуць да смерці. Пры гэтым, пачуўшы вясёлы рогат і песні, ніхто не ідзе на дапамогу, бо не падазрае небяспеку там, дзе весяліцца моладзь. Таму у Русальны тыдзень лепш за ўсё пазбягаць мясцін каля вады, не мыцца, не праць бялізну і не лавіць рыбу.
Калі русалкі завалодаюць ахвяраю, яны заносяць яе ў сваё жытло і тут акружаюць самым пяшчотным клопатам: у ахвяры-жанчыне яны бачаць магчымую жонку свайго ўладара – Вадзяніка, новую сяброўку сабе, а ў мужчыне, асабліва калі той малады і прыгожы, - магчымага палюбоўніка аднае з іх. Зразумела, больш за іншых даглядае загінуўшага тая Русалка, якой ён прыйшоўся даспадобы... Русалка расчэсвае яго галаву, расцірае цела, адганяе вадзяных жывёл, прыбірае ложа лепшымі водарасцямі, а ў Русальны тыдзень выводзіць яго разам са сваім гуртам на сушу, нават дазваляе зазірнуць у родны дом і пабачыць людзей, каб хоць як паслабіць тугу па зямным жыцці. Астатнія ахвяры застаюцца без ўвагі: русалкі дазваляюць ракам і насякомым нявечыць іх цела, а калі ахвяра аказалася каму-небудзь несімпатычнай, яны выштурхоўваюць труп на паверхню вады, да берага.
Акрамя варожых нападаў, калі бязлітасна пераследуюцца людзі ўсіх узростаў – ад немаўлят да старых уключна, вядомы таксама заляцанні русалак, пераважна тых, хто пры зямным жыцці не ведаў людзей, як, напрыклад, немаўляты. Гэтыя заляцанні менш варожыя і не такія небяспечныя; больш за ўсё яны прыходзяцца на маладых мужчын, асабліва хлопцаў, зносіны з якімі новыя і заманлівыя для русалак. Тут Русалка падхоплівае які-небудзь яго прадмет – адзежу, абутак, рыбалоўную прыладу і, збіраючыся затапіць яго, тым самым прымушае ўладальніка кідацца без разбору ў ваду лавіць прадмет, сама ж нябачна падштурхоўвае прадмет ўсё далей і далей, куды, зразумела, заманьвае і гаспадара. Калі той паспяхова пазбегнуў небяспекі, вылавіў украдзены Русалкаю прадмет, гэтаму прадмету не пашанцуе: чалавек абавязкова згубіць яго ў будучым, ці яго ўкрадуць, ці ён сапсуецца. Шмат даводзіцца цярпець ад заляцанняў русалак маладым рыбаловам: кратаючы лёску, русалкі падманьваюць вудзільшчыкаў фальшывым клёвам; у другіх яны выварочваюць сеткі, напаўняюць іх цінаю і травою, вырываюць вясло, шост ці разгойдваюць лодку, каб перавярнуць разам з рыбаком.
Якое б прыгожае жыццё ў русалак ні было, у іх хапае смутку, які яны не могуць заглушыць забавамі. Перш за ўсё ім з зайздрасцю даводзіцца глядзець на волю сваіх зямных сябровак-жанчын, назіраць за матчынымі ласкамі, якія многім з іх былі не толькі незнаёмыя, але мелі адмоўны характар у адносінах да іх. Самазабойцам даводзіцца перажываць з-за хвіліннага неабдуманага рашэння развітацца з жыццём, каб потым накласці на сябе вечную няволю. Не толькі жальба, а найвышэйшая ступень бяссільнай злосці павінна ахапіць істоту Русалкі, калі ёй даводзіцца бачыць маладую шчаслівую пару, калі тая гуляе па беразе ці плавае на лодцы. Але найбольш прыгнятае паднявольная сувязь з Вадзяніком, ва ўладаннях якога яны жывуць і якому падпарадкаваны з той хвіліны, як трапілі сюды.

Наверх

Стрыга

Стрыга робіць непакой цяжарным і нават можа перамяніць дзіця, замест добрага і тоўстага падкінуць плаксівае, бледнае і худое, калі цяжарная жанчына не звернецца своечасова да знахаркі... Цяжарныя жанчыны бачылі Стрыгу: гэта – жанчына высокага росту, худая, бледная, з праваленымі вачыма; па вечарах яна з аднаго двара пераходзіць на другі. Схапіўшы дзіця, Стрыга шматае яго так, каб маці чула крыкі. Каб пазбегнуць гэтага зла, дзяцей купаюць перад заходам сонца, пасля чаго ваду адразу выліваюць. Але ні ў якім выпадку не трэба выліваць ваду пасля заходу сонца. У пятніцу дзяцей купаць не варта.
Ёсць яшчэ ў Беларусі чараўніцы, якія завуцца Стрыгі. Стрыга вялізнага росту, з распушчанымі валасамі, праваленымі шчокамі і зялёнымі кашэчымі вачыма. Стрыга не мае сталага жыхарства; яна ходзіць па вёсках, і яе з'яўленне наводзіць жах на цяжарных кабет. Стрыга падменьвае дзіця, часам знявечвае яго, а калі раззлуецца, то на вачах ва ўсіх разаб'е яму галоўку аб камень. Можна, аднак, задобрыць Стрыгу. Цяжарная кабета, сустрэўшыся з ёю, запрашае яе да сябе ў хату на час родаў. Стрыга з'яўляецца, ёй усе дагаджаюць, аказваюць асаблівую павагу і часам справа наладжваецца: дзіця цэлае. Стрыга не баіцца нават святой вады. Для захавання дзіцяці ад Стрыгі яго купаюць штодзённа да заходу сонца.

Наверх

Хапун

Мiфічная iстота, якою страшылi маленькiх дзяцей. Яго ўяўлялi невялiчкiм скурчаным дзядком з доўгай сiвою барадою i з вялiкай, большай за яго самога, торбаю.
Хапун лётае па паветры, выглядаючы капрызлiвых дзяцей, што не слухаюцца старэйшых. Падпiльнаваўшы, калi такое дзiця адышлося далей ад дому, ён хапае яго i саджае ў сваю торбу. Дзяцiнага плачу з завязанай торбы нiхто не пачуе: Хапуна ўжо i след прастыне, бо носiцца ён вельмi хутка.
Убачыць Хапуна папярэдне, каб схавацца i ўцячы ад яго, немагчыма, бо ён нябачны i вiдзён толькi тады, калi развяжа торбу, а робiць ён гэта толькi ў сябе дома.
Жыве Хапун за цёмным лесам пасярод балота ў нары пад карчом. Туды ён носiць непаслухмяных  дзяцей,  усяляк здзекуецца  з iх, нават сячэ крапiвою. Нiякi чалавек нiколi не даходзiў да хапуновага жытла, i нiякаму дзiцяцi не ўдавалася ўцячы ад Хапуна.  Калi тыя дзецi (i хлопчыкi, i дзяўчынкi) вырастаюць, яны таксама робяцца Хапунамі, i ў iх вырастае сiвая барада па калена.

Наверх

Хлеўнік

Калі пераязджаюць у новую хату, Хлеўніка, як і Хатніка, запрашаюць з сабой. Разам з Хлеўнікам у хляве жыве яго жонка — Хляўніца.
Хлеўнік пераважна звязаны з гаспадарскімі коньMi і каровамі, вельмі рэдка — з авечкамі. Коз і свіней Хлеўнік не любіць і іх прысутнасць у хляве ледзьве пераносіць.
Летам і зімою Хлеўнік пастаянна застаецца ў хляве. Займае ён задні кут хлява ці залазіць на бэльку, на курынае седала, адкуль назірае за скацінаю. Кожны раз, калі скаціна выпраўляецца ў поле ці вяртаецца ў хлеў, ён падыходзіць да парога. Здараецца, найбольш любімую з жывёл Хлеўнік суправаджае на пашу, нават застаецца пры ёй ледзь не да вяртання дадому. У руках ён увесь час носіць пугу і часта ёю ляскае. Калі пры пашкоджанні хлява скаціну заганяюць у іншую гаспадарчую пабудову ці ў палявую загарадку і яна начуе там, Хлеўнік ідзе за жывёлай і займае свае звыклае месца — кут, бэльку ці жэрдачку.
Калі Хлеўніку падабаюцца гаспадары, калі даспадобы прыйшлася яму масць жывёлы — ён песціць і чысціць кожную жывёліну, а коням нават заплятае грывы і хвасты. Любімцам ён носіць ваду хатнімі вёдрамі, цішком падхопленымі ў сенцах ці пад паветкаю. Падкладае ім наболей корму, не дапускае крыўды іншымі жывёламі. 3 нелюбімай жывёлы Хлеўнік здзекуецца. Ён кудлаціць, нават выдзірае шэрсць, грывы і хвасты скручвае ў каўтуны, трывожыць уночы, гойсае да апошніх сіл жывёлы па хляве. Болей за ўсіх дастаецца нялюбай кабыле, на ёй Хлеўнік выязджае на двор, у гумно. Носіцца з канца ў канец па вёсцы, скача па дарозе ці па полі і за адну толькі ноч давядзе яе так, што кабыла спадзе з цела. Акрамя таго, ён адштурхоўвае нелюбімую жывёлу ад корму і пойла. Тая худнее, марнее, самкі скідваюць плод.
У час сваіх стасункаў з жывёламі Хлеўнік застаецца нябачным і толькі зрэдку ўзнікае ў вобразе скурчанага, зморшчанага, худога чалавека: здаецца, нібы шкілет хлопчыка памясцілі ў скуру дарослага. Ён можа дзейнічаць і ў цемры, аднак абыходзіць скаціну і дае распараджэнні пры свечцы з сінім полымем, якую запальвае крэсівам і трутам.
Пры згадванні Хлеўніка імя яго не называецца. Асцярога забараняе глядзець у кут, на бэлькі і шасты, дзе, мяркуецца, знаходзіцца Хлеўнік. Пры неабходнасці крануць бэльку, жэрдку трэба спачатку назваць гэтыя прадметы, каб папярэдзіць Хлеўніка, які са сну можа нарабіць нямала бяды.
Калі пажадана пазбавіцца ад Хлеўніка, дык варта пасяліць у хляве казла і ў стайні павесіць забітую сароку. Хлеўнік зусім не церпіць сарокі, таму што яна часта садзіцца на хлеў і стракоча, выдаючы гэтым яго знаходжанне. Казёл і забітая сарока даводзяць Хлеўніка да шаленства. Ён пачынае шкодзіць нават любiмым жывёлам і, нарэшце, зусім сыходзіць з хлява.
Час жыцця і магчымая пагібель Хлеўніка такія самыя, як і Хатніка. Але Хлеўнік старэе і гніе ад знаходжання ў брудным хляве хутчэй за Хатніка. Калі хлеў утрымліваецца неахайна, Хлеўнік больш сядзіць у сваіх патаемных месцах і скацінаю мала займаецца, гады і найбольш любімыя ім жывёлы застаюцца без яго догляду, робяцца бруднымі. Паморак скаціны — гэта альбо помета Хлеўніка, які заносіць заразу, альбо неабходная ахвяра пры яго пагібелі. Калі на сядзібе загінуў Хлеўнік, там ніколі не развядзецца скаціна.
З'яўленне на сядзібе прыблуднага Хлеўніка — чужога, які асіліў мясцовага, і выцесніў яго з месца пражывання, нясе вялікую шкоду гаспадарцы.

Наверх

Бялун

Бялун – сівы дзед, які нібыта жыве ў жыце ля дарогі. «Ён, кажуць, паказваецца бедняку, што ідзе па дарозе, і просіць яго ўцерці яму нос, з каторага цякуць возгры; калі гэты згадзіцца да ўтрэць, то Бялун высыпіць яму золата із сваёй торбы».
У ліку старажытных паданняў беларусаў захавалася памяць і пра галоўнага, добрага бога, бацьку неба, Белбога, Прабога, бацьку Перуна, якога завуць Белуном. Пра веліч і высокае значэнне Белбога ў іх самае цьмянае ўяўленне, але паэтычны настрой беларуса і яго здольнасць увасабляць адцягненыя прадметы дазволілі яму надаць нават рэчыўны вобраз Белуну. Беларус пераконвае, што Бялун сыходзіць часам на зямлю; што гэта – стары з доўгай белай барадою, у белым адзенні і з кіем у руках. Ён літасцівы і творыць адно дабро. Белбог, ці Бялун, паказваецца толькі ўдзень, пры сонечным святле, і, калі сустрэне ў дрымучым лесе вандроўніка, які заблудзіўся, ён выведзе яго на вялікую дарогу. Таму існуе і прымаўка: «Без Белуна цёмна ў лесе». У час жніва ён любіць паяўляцца на нівах і нават дапамагае жнеям. Часам Бялун любіць і пажартаваць, але заўсёды як стваральнік дабра, як дарыцель багацця. Парою ён з'яўляецца ў жыце з вялікім мехам на носе. Высачыўшы добрага работніка ці работніцу, ён падманьвае да сябе рукою і просіць уцерці яму нос. Як толькі той дакранецца да носа, з меха раптам пасыплецца золата і Бялун знікне. Пра такога шчасліўца кажуць беларусы: «Мусіць, пасябрыўся з Белуном».

Наверх

 

Галоўная

Народны каляндар

Літаратура

Кантакты

© Бугай Вераніка Віктараўна
Філалагічны ф-т БДУ