|
СВЕТ ПРОДКАЎ |
||||||||||||
Галоўная |
Народны каляндар |
Літаратура |
Кантакты |
||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Тры янгалыПрадмова да "Дудкі беларускай"Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай". Я сам калісь думаў, што мова наша - "мужыцкая" мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя - са жменя таго народу, - якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што "піша па-мужыцку", і як дурня абсмяялі б! А можа, і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў - больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму? Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы... Францішак Багушэвіч
|
|||||||||||||
Галоўная |
Народны каляндар |
Літаратура |
Кантакты |
© Бугай Вераніка Віктараўна |
---|