Дадаткі > Казкі > Вол (казка)

Вол (казка)

Быў сабе вол, баран, гусак і пеўнік.  Надыходзіла зіма, дык вол кажа:

— Ведаеце што? — зіма надыходзіць, холад будзе, — пастаўма хатку.

Дык тыя на яго як напалі:

— Выдумаў ліха знае што! Дык стаў сам, калі такі майстра. У нас ёсць пер’е, у барана — воўна, то і не памерзнем.

— Ну, як сабе хочаце, а я сваё зраблю.

Як тыя пайшлі, вол паставіў хатку, нанасіў сена, саломы i ляжыць сабе, як пан.

Вось надышла зіма з марозам. Прыбягаюць да яго пеўнік, баран і гусак.

— Пусці нас, дзядзька, у хатку, бойся Бога, такі мароз, мы памерзнем!

А гусак падняў ножку i кажа:

— Бач, дзядзька, якія ў мяне ножкі чырвоныя! — зараз паадпадаюць.

— А вы, — кажа вол, — гультаі! Не пушчу! Як хаткі, дык няма каму паставіць, а як пагрэцца, то ёсць каму!

Але тыя як пачалі лямантаваць, прасіцца: «А мой дзядзечка, а мой ты такі, а мой сякі, а мой гэтакі!» — вол пашкадаваў і пусціў. Дык пеўнік зараз палез на печ грэцца, гусак ходзячы па хаце ўсё тупоча, каб ногі разагрэць, баран лобам у сцяну лупіць — грэецца, а вол есці ім варыць.

Ано ж прыходзіць воўк, адчыняе ад хаткі дзверы, а баран гэтта як вытне яму раз лобам, як не паправіць; гусак давай шчыпаць, вол рагамі, а певень на печы спалохаўся і ўсё крычыць: «Ку-ка-рэ-ку». Воўк як не панясецца наўцёкі да сваіх і кажа:

— А мае ж вы браткі, мае саколікі, гэта ж у лесе кавалі хатку паставілі — паўнютка кавалёў! Як увайшоў, дык адзін як даў мне молатам, другі віламі жалезнымі, а трэці давай шчыпцамі ціснуць, а яшчэ адзін нейдзе з печы ўсё крычыць: «Ды падавайце ж мне яго сюды! Ды падавайце ж мне яго сюды!» Мала я не абамлеў. Маю я шчасце, што гэтак не было, бо, каб не дай Божа, дык той, з печы злезшы, чыста з мяне скуру здзёр бы.

Пасля прачытання казкі выканайце некалькі практыкаванняў:

Практыкаванне 1

Практыкаванне 2

Практыкаванне 3

Практыкаванне 4

Практыкаванне 5